ЯДО́МЫЯ ГРЫБЫ́,
група вышэйшых, пераважна шапкавых грыбоў, пладовыя целы якіх спажываюцца чалавекам і жывёламі. Да іх адносяць большасць базідыяльных грыбоў і некалькі родаў з сумчатых грыбоў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 200 відаў, з іх збіраюць і нарыхтоўваюць каля 40. Па харч. і смакавых якасцях Я.г. падзяляюць на 4 катэгорыі: 1 — баравік, грузды (сапраўдны, жоўты), рыжык; 2 — бялянка, ваўнянка, грузд асінавы, маслякі, падасінавік, падгруздак белы, паддубнік, шампіньён звычайны; 3 — апенькі, валуй, грузд чорны, лісічкі, махавікі, падбярозавік, шампіньён палявы; 4 — гаркуха, зялёнка, казляк, макруха, скрыпіца, шампіньён лясны і інш. Каштоўнасць Я.г. вызначаецца хім. складам іх пладовых цел: бялкі — 2—9% (найб. у баравіках і труфелях), вугляводы 2—3% (у труфелях да 13,5%) у форме глікагену, вітаміны, караціны, солі калію і фосфару. Пажыўную каштоўнасць зніжае цяжка засваяльная арганізмам грыбная клятчатка — хіцінападобнае рэчыва — міцэцін. Акрамя экстрактыўных і араматычных рэчываў у складзе Я.г. адзначаны ферменты, якія спрыяюць лепшаму засваенню ежы.
т. 18, кн. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)